У мінскім мастацкім музеі адбываецца выстава слуцкіх паясоў з віленскай калекцыі.
Неяк так адбылося, што ў беларусаў няма ніводнага цэлага слуцкага поясу, засталіся толькі іх рэшткі.
Сумна, што дзяржава ня можа ныбыць у калекцыянераў хоць бы адзін свой гістарычны сымбаль. Ці гэта дзяржава такая, якой непатрэбная уласная гісторыя?
Вось і даводзіцца беларусам бачыць гэты беларускі цуд толькі ў замежных калекцыях.
Летась прывозілі паясы з Масквы. На самым высокім узроўні было заяўлена, маўляў “Падараваць вам (беларусам) паясы ня можам, але няхай калекцыя выстаўляецца гэтулькі, колькі патрэбна – няхай беларусы прыходзяць і глядзць на яе”. На самой жа справе дайшло да анекдота. Супрацоўнікі музею кажуць: як пачаўся чарговы палітычны раздрай у адносінах паміж Мінскам і Масквою – прыехалі, хуценька забралі ўсю калекцыю слуцкіх паясоў, ды й зьехалі.
Цікавыя думкі ў галаву лезуць. Нават Нямеччыне Расія/СССР зьвярнулі частку (хай сабе і частку) скарбаў, нарабаваных напрыканцы 1940-х гадоў. Беларусь, відаць, не заслужыла таго, каб ёй зьвярталі нарабаванае.
І яшчэ адзін факт пра слуцкія паясы, гістарычны. Кажуць, у свой час яны набылі гэткую папулярнасць, што слуцкія мануфактуры не спраўляліся з усімі замовамі, таму частку замоваў выконвалі ў Францыі. Тым ня менш, паясы, зробленыя ў Францыі, таксама ішлі (па-сучаснаму кажучы) пад брэндам слуцкіх паясоў.
Гісторыкі кажуць, што, насуперак вядомаму вершу М.Багдановіча, паясы выраблялі выключна мужчыны.
Вось такі скарб, які мы страцілі.