Неяк днямі трапілася на вочы апытанка пра тое, што было ў нашым жыцці ў першыя паслячарнобыльскія дні і тыдні. У той апытанцы ўдзельнічаць не стаў – бо калі атрымаецца, што яе арганізатар установа, што прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай ці нават тэрарыстычнай, то маеш шанец апынуцца на некалькі год за кратамі. Але гэта прадмова.
Адразу пасля выбуху ў Чарнобылі ў 1986 ніхто нам нічога не казаў і не раіў. Даведаліся, што нешта “бахнула” недзе на поўдні – пэўна, праз тыдзень ці болей. Даведаліся ад кагосьці, хто слухаў “варожыя галасы”.
Ніякіх забаронаў альбо рэкамендацый, абмежаванняў, што трэба рабіць, а чаго рабіць не трэба, не было ў першыя тыдні. Жылі сваё звычайнае жыццё. Гэта Мінск. Мне было 12 год.
Пасля, калі пайшоў розгалас, пачалі сцерагчыся прадуктаў з Гомельскай вобласці.
Пазней набылі “дазіметр” (індыкатар гама-выпрамянення) Бэла, стараліся і фон перыядычна вымяраць, і прадукты нейкія. Ён і зараз працуе. Гама-фон у Мінску, калі давяраць паказанням, з тых часоў знізіўся ўдвая прыкладна.