Зразумеў, што ніколі не быў ані ў Любчы, ані на Свіцязі. Пачаў накідваць маршрут. Спачатку планаваў стартаваць у Дзяржынску, каб болей захапіць Налібоцкую Пушчу – добра, што ўрэшце гэты варыянт адкінуў. Рэальны варыянт маршруту праклаў праз возера Кромань і Наваградак.
Стартаваў урэшце са Стоўпцаў. Прагноз надвор’я запэўніваў, што лёккі дожджык скончыцца праз паўгадзіны пасля прыбыцця электрычкі ў Стоўбцы. Таму чакаць не стаў – няма чаго час губляць, паехаў.
Недзе праз кіламетраў 15 саслабелы дождж пераўтварыўся ў залеву. Давялося чакаць то пад адным дрэвам, то пад другім. Добра, што быў з сабою тэнт. Гадзіны паўтары давялося чакаць і мокнуць. Трэба рухацца – ці наперад, ці назад у Стоўбцы, інакш замерзнеш.
Паехаў наперад па гразкіх каляналібоцкіх гравейках. Увогуле дарогі добрыя – усюды едзецца.
За пару кіламетраў ад Кромані зноўку накрыў дождж, зноўку давялося чакаць пад елкай.
Падзівіўся на чысцюткую і цёплую Кромань, але купацца пад дажджом нешта не схацелася.
Да Любчы – яшчэ трохі гравеек, а далей – толькі асфальт.
Любча ўражвае, гэтак жа як і моладзь, што працуе на аднаўленні гэтага замка.
Бліжэй да Наваградку пачаліся такія ніштаватыя горкі. Добра, што па асфальце – па гравейках залазіць на іх было б цяжкавата.
Наваградак таксама вельмі спадабаўся. Прыемны горад, пад які нават прымерваешся – а як яно жыць у ім.
Да стаянкі на Свіцязі заставалася яшчэ 18 км – драбяза, хай сабе і па горках. Недзе ў 22:30 быў там, на месцы начлегу.
Раніцою – купанне у Свіцязі і дарога да Баранавічаў. Свіцязь, дарэчы, асаблівага ўраджання не зрабіла. Ну возера сабе – і возера, хай сабе і праслаўленае Адамам Міцкевічам.
У Баранавічах – агледзець, што змянілася ў горадзе з тых часоў, як памятаю яго, пачаставацца лодачкамі – і дадому на электрычцы.
Агулам па велакампе 185 км з улікам дарогі на вакзал і з вакзалу.