Некалькi разоў на вочы траплялася iнфармацыя пра дзiвосную прыгажосць Сарачанскiх азёраў.
Я вывучыў пару справаздачаў тых, хто катаў раней. Спланаваў прыкладна месца начлегу. Ну i вырашыў рушаць у апошнi дзень жнiўня. Яшчэ захоўвалася тэарэтычная надзея пакупацца дзе-нiдзе (лета ж пакуль).
Сарачанскiя азёры – сваеасаблiвы ланцужок такi: адно возера ад наступнага аддзяляе звычайна невялiкая пратока ці ручай.
Электрычка да Гудагаю на 6:25. Пазней нельга – наступная толькi ў 14:02 – нiчога не паспееш. Прыпынак Каменка – перадапошнi, фактычна – на ўскайку Астраўца.
Пагледзеў свежы мiкрараён Астраўца – з шырокiмi дарогамi, тратуарамi, веладарожкамi i амаль поўнай адсутнасцю транспарту.
Далей – праз Гервяты i Мiхалiшкi – да азёраў.
Ёдзі, крыху паблукаў па кустах (ну інакш проста не бывае), Губеза, Вераб’і.
Вераб’і падаліся найменш празрыстымі с усіх азёраў – пэўна, таму, што гэта апошняе возера ў ланцужку Сарачанскіх.
Падкасцёлак. Далей даводзіцца рабіць пятлю, бо дарогі няма.
Тумскае. На беразе знаходжу стаянку нейкай аграсядзібьы – дровы, бяседкі, мангалы. Нейкая недабудаваная яшчэ новая хатка – ці то лазня, ці то яшчэ нешта. Перад пляцоўкай шлагбаўм, але на тэррыторыі няма нікога. Ёсць толькі тэлефон IП, катораму належыць пляцоўка.
Еду далей. Каймінскае. Вось тут – вельмi цывільная стаянка. На ёй і начую. Людзей нямашака. Толькі з вечара была сям’я рыбака на маторцы, але ўрэшце яны з’ехалі.
Пакупацца атрымалася нават двойчы: адзін раз летам, другі – ужо ўвосень. Каб ведаў рана, што на градусніку +10 – то купацца бы не пайшоў, але ж не ведаў.
Зранку – сцежка с мостам паміж Каймінскім і Залаўскім.
Тут, праўда, не вытрымаў мой велакомп – на працягу некалькіх кіламетраў разоў пяць скідваўся да заводскіх налад. Потым вярнуў адэкватнасць, але дадзеныя з яго згубленыя.
Туравейскае і шыкоўны драўляны мост на ім.
На гэтым з азёрамі ўсё. Недаследаваннымі засталіся Белае, Клевел, Баранскае і Галубінае – будзе нагода вярнуцца.
Дадому – зноўку на Міхалішкі, Варняны, Гудагай. Не спадзяваўся, але паспеў нават на электрычку 15:09.
У выніку. Маршрут лайтовы, бо абсалютная большасць па дарогах. Задавальнення – аж зашмат. 121 км + ад вакзалу і да вакзалу ў Мінску.
Трэба будзе прыехаць яшчэ разок.