Нарэшце пішу гэты допіс, хоць пару тыдняў ужо мінула.
Дарога. Ехалі на легкавіку ў суботу раніцою. На памежным пункце “Каменны Лог” вялізарная чарга – усе едуць на “Ляпісаў”. Чарга не менш за 200 машын. Мы прыехалі ў 6:30, але на канцэрт урэшце ледзьве пасьпелі – дзьве мяжы праходзілі 12 гадзінаў. Мяркую, многія, хто не разлічваў на гэткі прастой, на канцэрт урэшце не трапілі.
Найбольш спрактыкаваныя (сярод іх заўважаны быў Яўген Ліпковіч) кідалі сваю аўто на апошняй перад мяжою стаянцы ды шлі ў Літву пешшу. Да Вільні ад мяжы каля 40 км, калі нехта сустрэне – дык можна так ехаць.
Пад’ехалі да Utenos Pramogu Arena хвілінаў за 40 да пачатку канцэрту. Зьдзівіла, што даволі шмат было машын зь літоўскімі нумарамі, хлопцы ў якіх па-літоўску жа размаўлялі між сабою.
Канцэрт. Што адразу кідаецца ў вочы ў фае арэны – вялікая колькасьць народу, праціснуцца цяжка. Нехта разгортвае сьцягі, нехта пераапранае шорты ў прыбіральні.
На ўваходзе дзядзька з аховы пытаецца: “Ці несяце нешта забароненае?”. Кажу: “А што ў вас забаронена? У Беларусі, напрыклад, нельга праносіць фотакамэры з дыаметрам аб’ектыву больш 4 см, чаму – ня ведаю”. Ахоўнік адказвае “Не, фоцікі можна любыя. Нельга зброю, наркотыкі.” Наркотыкаў і зброі ня маем, таму праходзім далей.
Хвілінаў 30..40 нас “разаграе” DJ Spirin з “Тараканаў”.
Нарэшце з’яўляюцца “Ляпісы”. Вы разумееце, канешне, што адбываецца ў гэты момант.
На танцполе каля 3 тысячы чалавек. У залі ёсьць вольныя мейсцы – каля 10..15%%, відаць, тыя, хто даехаць не пасьпеў, бо квіткі ж былі прададзеныя усе. А можа нехта проста на танцпол ірвануў.
У першую палове я шчыра не разумею паводзіны Міхалка. Ён жа павінен выдатна разумець, што пераважная большасьць гледачоў – беларусы, але ж гаворыць пра Вільню, часам успамінаючы “гасьцей”. Надыходзяць думкі, што нехта яго “папярэдзіў”, і цяпер Міхалок робіць усё, каб канцэрт не ператварыўся ў палітычную маніфестацыю.
Але ж у другой палове Міхалка нарэшце “прарывае”, ён кажа, што толькі зараз прайшоў мандраж, толькі зараз ён пачынае фармуляваць свае думкі.
Гурт трымае гледачоў у напружаньні на пряцягу ўсяго канцэрту. Сьпявае “на біс” тры песьні.
Усім сваім выглядам і словамі Міхалок пазыцыянуе сябе хутчэй як хулігана, а не палітыка. Гаворыць у сваёй манеры, с замінкамі, падбіраючы словы.
Такой колькасьці бел-чырвона-белых сьцягоў я даўно ня бачыў.
Дзякуў, Вільня! Дзякуў за пах свабоды.
Дзякуй, Сяргей! Дзякуў за тое, што ты сапраўдны Змагар.