Друя – вельмi прыгожае памежнае мястэчка на самай поўначы Беларусi. За рэчкай (Заходняя Дзвiна, Даўгава) – ужо латвiйская Piedruja.
Тым не менш, беларускiх памежнiкаў у Друi я не заўважыў – анiводнага.
Да Друi цягнецца беларуская чыгуначная ветка. Таму спачатку я хацеў распачынаць свой роварны шпацыр па браслаўшчыне адсюль. Але неяк не склалася з раскладам руху цягнiкоў. Таму Друя аказалася недзе пасярэдзiне маршруту.
Асобнымi допiсамi раней у мяне былi касцёл i царква Друi.
На ўскрайку мястэчка – габрэйскiя могiлкi, якiя маюць сапраўдны сярэднявечны выгляд. Дарэчы, iх агароджа зараз цi то рэстаўруецца, цi то будуецца.
У Друi ёсць вадаправод, але вада ў калонках – з адчувальным металёвым смакам. Лепей залiцца ў мясцовых калодзежах. Яны таксама ёсць, прычым – вельмi глыбокiя, нiколi гэткае глыбiнi не бачыў.