У глыбокім дзяцінстве я атрымаў быў неяк на ўсё жыццё прышчэпку ад карыстання чужымі рэчамі.
Быў на нашай вуліцы хлопчык Алег майго ўзосту. Не тое, каб сябравалі, але час ад часу бегалі разам. Здаецца, нават у школу тады яшчэ не пайшлі.
Неяк былі побач з яго домам, і яго брат Сяргей выцягнуў Алегаў ровар пакатацца. Я таксама пакатаўся. І трэба ж было такому здарыцца, што менавіта пада мною рама таго ровара зламалася папалам – ён літаральна разваліўся. Прычым, як зараз памятаю, рама тая ці то ўжо раней была зламатая і спаяная на тым месцы, ці то заклёпкі нейкія адарваліся, ці нешта яшчэ – але бачна было, што яна не “па жывому з мясам зламалася”.
Ну а я што? Дзіцё. Пайшоў дадому, ўзяў свой ровар (першы мой ровар) і працягнуў катацца.
Але ж матуля Алега сталася раз’юшанай. Спрабавала адабраць мой ровар. Пасля прыбегла да нас дадому. Патрабавала, каб бацькі мяне пакаралі. Маўляў, Алегаў брат і не мог выцягнуць той ровар са свайго двара – гэта я зрабіў. Бацькі, канешне, ні на якія правакацыі не пайшлі – у выніку засталіся ворагамі.
З тым Алегам мы правучыліся пасля 11 год у адным класе. Прычым некалькі разоў ён мне ўспамінаў свой разламаны ровар. Бацькі ж час ад часу казалі: “Во, вучыся быць нахабным, як той Алег”.
Ніколі болей не сябравалі. Таму яшчэ, што з такімі “альфамі” ў мяне заўсёды былі напружаныя адносіны – не толькі з ім.
Алег любіў футбол. Таксама трохі качаўся.
Памёр Алег ужо год дзесяць таму, пакінуўшы двух малых сыноў. Жонка яго казала, не прачнуўся раніцою.